Alexander aka Leit (alex_leit) wrote,
Alexander aka Leit
alex_leit

Пачаткі крафтавага піваварства ў Беларусі


Паколькі з 15 па 22 лютага 2021 года ў Беларусі праходзіць Тыдзень роднай мовы, прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы, то будзе добра напісаць невялікі артыкул аб тым, як пачынаўся крафт на Беларусі. Дарэчы, гэты тэкст быў напісаны яшчэ ў верасні, па пытанням Лукаша Леанюка – галоўнага півавара Browara Waszczukowe, які пісаў тэкст пра беларускае крафтавае піва да польскай газеты “Півавар”. Пытанні мне ён задаваў па-беларуску, з гэтай нагоды і адказваў я на роднай мове. Артыкул надрукавалі скарочаным, але сёння вы можаце прачытаць тыя мае адказы на два пытанні (было больш, але ж яны пра сучаснасць).

1. Якія былі пачаткі крафтавага піваварэння ў Беларусі?

Адказ залежыць ад таго, што лічыць “крафтавым піваварствам”. Калі лічыць любую малую піваварню “крафтавай”, то гэта 1993 год, з якога адлічвае свае годы піваварня “Beaver” (зараз размешчана пад Мінскам), якая не раз змяняла сваё месцазнаходжанне. Але ж я не думаю, што трэба лічыць крафтавай піваварню, якая варыла толькі традыцыйный лагер, няхай нават нефільтраваны, і зусім не эксперыментавала з новымі смакамі і гатункамі піва. Крыху больш гатункаў піва варылі ў мінскім рэстаране-піваварне “Ракаўскі Бровар”, які пачаў працаваць у 1997 годзе, дзе варылі (і вараць зараз) традыцыйныя гатункі піва, больш у нямецкім стылі, напрыклад, вайсбір ці нешта падобнае на бок. Аднак асаблівымі эксперыментамі яны таксама не адзначаліся, і прызнаваць іх крафтавымі ў тыя годы будзе не вельмі правільна.
Галоўным жа прызнакам крафтавай піваварні лічу не толькі яе памеры, мне здаецца, што півавар яе павінен спачуваць ідэям крафтавай рэвалюцыі, знаходзіцца ў няспынным пошуку новага смаку, знакавым для пераходу малой піваварні ад традыцыйнага і нават кансерватыўнага піваварэння да крафтавага лічу выпуск піва па самастойна распрацаванаму рэцэпту (а не па тым, якія прадаюць разам з піваварняй), які можна лічыць крафтавым (адзін з варыянтаў – выкарыстанне новых гатункаў хмелю), напрыклад, APA ці IPA, ці нават портар.
Такі “крафтавы пераход” здарыўся з мінскай мініпіваварняй “Bierbank” (пачала працаваць у 2007 годзе) ў лістападзе 2012 года, калі яны пачалі прадаваць эксперыментальны балтыйскі портар (сем гатункаў соладу, тры – хмелю), але ж канчаткова на “старану крафта” піваварня стала ў снежні 2015, калі прэзентавала свой першы IPA.
Другая знакавая падзея – напрыканцы 2012 года адкрылася піваварня Plzensky Pivovar у вёсцы Церабунь, што ў Брэсцкім раёне (дарэчы – самая заходняя піварваня ў Беларусі, ад яе будынка бачны польскі бераг ракі Буг), а ўжо на зыходзе лета 2013 года прагны да эксперыментаў півавар Дзмітрый Адамчук рызыкуе зварыць першае ў Беларусі піва з дабаўкай амерыканскага хмелю (сімвалічна гэта быў Каскад), а піва па стылістыцы можна назваць “American Brown Ale”, які я ўпершыню пакаштаваў у верасні 2013. У снежні 2014 году яны ж прэзентавалі сухі стаўт, праз год адбыліся змены сярод уладальнікаў, у выніку піваварня змяніла назву на 13 Litar у гонар грэбня, які знайшлі археолагі пры раскопках на месцы старажытнага Брэста. А з 2016 года піваварня рэгулярна выпускае новые гатункі крафтавага піва.
Першы беларускі стаут (па стылістыцы хутчэй Foreign Extra Stout) мне давялося пакаштаваць у снежні 2013 года – віцебскі рэстаран-піваварня “Лямус” (рэстаран адкрыўся ў 2009 годзе, але ж піва пачалі там варыць толькі ў 2013-м) зварыла бадай першы беларускі стаут, нажаль ініцыятыва півавара па вытворчасці эксперыментальнага піва ня вельмі спадабалася кіраўніцтву.
Першым жа піўным броварам, які з самага пачатку называў сябе крафтавым, стаў адчынены ў тэставым рэжыме ў маі 2014 рэстаран-піваварня “Друзья” (па-беларуску “Сябры”, аднак беларуская назва імі амаль не ўжываецца). Нягледзячы на заявы пра “крафтавасць” большая частка іх пастаяннага асартыменту з’яўляецца даволі традыцыйнай – светлы і цёмны лагер ды пшанічнае, только чацвёрты сорт быў сапраўды крафтавым – Грызлі, па стылю быццам бы “American Brown Ale”, аднак на мой густ ён бліжэй да “American Amber Ale”. Дарэчы, менавіта тут півары Дзяніс Буевіч і Іржы Грбачэк зварылі першы беларускі IPA – Bangalor India Pale Ale (ў свой час менавіта я падсказаў магчымы варыянт яго назвы), які пачалі прадаваць перад каталіцкімі калядамі ў 2014 годзе.



Першая ў Беларусі “цыганская” ці “кантрактовая” піваварня “Brew Team” (заснавальнікі – Аляксей Фадзеенка, які на той час быў піваварам мінскага “Стараместнага півавару”,  ды Дзмітрый Верацінскі і Аляксей Садоўскі – дамашнія півавары) пачала прадаваць сваё піва ў маі 2015 года, першы іх гатунак – Венскі APA, такая крыху недарэчная назва была абумоўлена тым, што афіцыйна піва прадавалася як “Венскае” ад “Стараместнага півавару”, дзе яго і зварылі па кантракту. Дарэчы, за два тыдні да гэтага той самы “Стараместны півавар”, заснаваны ў 2007 годзе пад Мінскам як “Градскае”, ў 2014 годзе змяніў назву, пачаў наліваць у сетцы сваіх рэстаранаў (“Стараместны рэстаран” і “BEERжа”) першы беларускі American Pale Ale – Palepatine Ale. Дзякуючы намаганням Аляксея Фадзеенка “Стараместны півавар” з восені 2014 году пачаў варыць “сезонныя” гатункі піва, паступова пераходзячы на “крафтавую” сцежку.
Піваварня “Brew Team” праіснавала да 2016 года, ў якім Дзмітрый Верацінскі і Аляксей Садоўскі заснавалі новую кантрактовую піваварню пад назвай “Blood Brothers”, а а Аляксей Фадзеенка крыху пазней – вядомую не толькі ў Беларусі “Midnight Project”.
Дарэчы 2016 год можна лічыць пераломным – з’явілася шмат піваварняў (міні і кантрактовых), якія пачалі варыць крафтавае і не толькі піва: ў Мінску і аколіцах – Jungle, Mad Frog, TRYE Beer (зварылі першае піва яшчэ ў 2015-м, але ў продаж пайшло толькі ў 2016-м, дарэчы яны першыя ў краіне пачалі наліваць крафтавае піва ў бутэлькі), пачала варыць “крафт” піваварня Талер, у Гомелі – Чыста Піваварня.
Пачынаючы з 2017-га беларускае крафтавае піва стала ўжо прыкметнай з’явай, якую ўсе аматары і гэдак павінны ведаць.

2. Ці буйныя бровары (Аліварыя, Лідскае піва) назіраюць за піўнай рэвалюцыяй і ці робяць нешта ў гэтым напрамку?

Вельмі уважліва назіраюць, так “Лідскае піва” пра свае “крафтавыя” амбіцыі заявіла тады, калі сапраўднага беларускага крафтавага амаль не было – ў сакавіку 2014 года выпусціла піва ў серыі “Калекцыя півавара” (потым назву серыі змянілі на “Калекцыя майстра”, аднак цёмны лагер з вішняй я б пасаромеўся называть “крафтавым”. Нешта падобнае на крафтавае піва ў Лідзе зварылі толькі летам 2015 года – гэта быў Australian Bitter, па стылю найбольш блізкі да India Pale Lager. Потым былі IPA (варыцца і зараз), Imperial Porter і другія гатункі. Частка не вельмі дасведчаных беларусаў лічыць іх піва за сапраўдны крафт, паколькі ў нас гэта назва аніяк не рэгулюецца, а яны пішуць на этыкетцы “craft beer” і зарэгістравалі сайт craftbeer.by.
Буйнейшы дзяржаўны піўзавод “Крыніца” таксама варыть “crafty”-гатункі ў серыі “Піўная мапа”, першы гатунак з серыі (APA) быў звараны летам 2016 года, рэцептуру яго распрацоўвалі сумесна з радам аматараў піва (я быў у іх складзе) і дамашнім піваварам. Трэба адзначыць, што “Крыніца” варыла піва сумесна з крафтавымі піваварнямі “Друзья” і “Valaduta”. Але ж першым іх “crafty” півам трэба назваць Porter 8/20 – сброжаны элевымі дражжамі і з хмелем “Чынук”, разліты 30 лістапада 2015 года, дарэчы гэты ж сорт прадаваўся ў Польшчы пад маркай “Guru Arts IBA (Imperial Brown Ale)”.
Піўзавод “Аліварыя” намагаецца выдаваць за “крафт” піва ў лінейцы Karol Jan, якая называецца ў гонар Караля Чапскага, які пэўны час валодаў гэтым броварам. Нажаль уся “крафтавасць” гэтага піва выражана толькі ў дабаўленні араматызатараў.
Яшчэ адзін буйны піўзавод – “Бабруйскі бровар” да апошняга часу нічога асаблівага не выпускаў (толькі гэтым летам з’явілася піва “Баброў IPL”), паколькі ў Беларусі шырока прадаюць піва ад расейскай “Воўкаўскай піваварні” – яны маюць адных і тых жа уласнікаў.

P.S.: Карэктара ў мяне няма, таму прашу моцна не сварыцца за памылкі.

Tags: история, околопивные новости и слухи, пиво
Subscribe

Posts from This Journal “пиво” Tag

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 7 comments